зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

27 верасня адбудзецца адкрыццё выставы «Адкуль родам знакі на нашых ручніках? Хрэсты»

27 верасня ў філіяле Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р.Шклярава (г.Гомель) адбудзецца адкрыццё новай выставы "Адкуль родам знакі на нашых ручніках? Хрэсты”

Крыж, альбо па-мясцовых усходнебеларускіх традыцыях “хрэст” – адзін з першых сімвалаў чалавецтва.

У архетыпе ягоных значэнняў – “агонь”. І з часоў здабывання агню трэннем дзвюх перакрыжаваных палачак, крыж (хрэст) застаецца святым знакам. Бо, як і здабыча агню, гэта знак-дзея змагання з цемрай і перамогі над ёю. З адпаведным пераносам значэнняў у фізічную, эмацыйную, ментальную сферы дзеяння.

“Агонь” – кажам мы, і разумеем, пра што. Корань той жа, што і ў старажытным санскрыце: “agni”. І з тымі ж пошукамі існасці агню. Не толькі ў небе альбо вогнішчы. Але і ў зямлі, водах, дрэвах, зерні і дзіцяці. У сэнсе агню жыцця супраціў безжыццёвасці, бязвогненасці нежывога і холада-цемры смерці.

А ці памятаюць пра гэтую індаеўрапейскую спадчыну нашы арнаментальныя сістэмы, і перш за ўсё, узоры ручнікоў? Так!

Больш за тое, гэтыя тканыя “тэксты” пераклікаюцца з тэкстамі моўнымі:

Разгуляўся Юр’еў конь – разбіў камень капытом!
А ў камені агню нет, а ў хлопцаў праўды нет!
Разгуляўся Юр’еў конь – разбіў гарэх капытом!
А ў гарэху ядро ёсць – а ў дзевак праўда ёсць!

Агонь, ядро-зерне, праўда – ставяцца ў адзін рад.

Давайце зададзім свае пытанні ручнікам і адзенню нашых пра-пра-бабак. Там яшчэ памяталі пра тое, што ўзоры бяруцца ад продкаў. І ў сінтаксісе арнаментальных кампазіцый пачуем голас і космас.

Праект "Адкуль родам знакі на нашых ручніках?" прадстаўляе вынік шматгадовай працы музея, які змяшчае матэрыялы экспедыцыйных і фондавых навуковых даследаванняў ткацкіх традыцый паўднёвага ўсходу Беларусі.

Выстава "Адкуль родам знакі на нашых ручніках? Хрэсты” працягне знаёміць вас з нашымі неверагоднымі напрацоўкамі, знаходкамі і адкрыццямі за ўвесь гэты час.

Гэта выстава пра нашу культуры і нашы карані.

Запрашаем на сустрэчу з традыцыяй.

 Калі: 27.09.2024 у 16:00.

Дзе: г. Гомель, плошча Леніна, 4а (у парку, за саборам Пятра і Паўла).

Уваход на адкрыццё вольны.

Тэлефон філіяла: +375 232 50-96-98

http://vetka-filial.museum.by/

Па матэрыялах сайта http://vetka-filial.museum.by