зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Праект «Этнаграфічны скарб» дзяржаўнай установы «Мінскі абласны краязнаўчы музей»

Мінскі абласны краязнаўчы музей у супрацоўніцтве з музеямі Мінскай вобласці запускае праект "Этнаграфічны скарб". На сайце і старонках Мінскага абласнога краязнаўчага музея будуць публікавацца артыкулы аб рэдкіх і цікавых прадметах традыцыйнай беларускай культуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва са збору музеяў Міншчыны.

Пачынае праект цікавы прадмет – шчотка для часання лёну з калекцыі Вілейскага краязнаўчага музея. Да з'яўлення ў масавым продажы танных фабрычных тканін асноўным матэрыялам для шыцця адзення служыла палатно з расліннага валакна, часцей за ўсё льнянога. Ад збору лёну да атрымання тканіны праходзіла некалькі працаёмкіх этапаў: расліну выдзіралі з зямлі разам з каранямі, сушылі, адлучалі сцеблы ад насення, затым размочвалі па некалькі тыдняў. Атрыманую масу зноў сушылі і пачыналі апрацоўваць механічна, адлучаючы валакно ад цвёрдай абалонкі (кастры) - мялі, церабілі, часалі.

Ачышчанае валакно сартавалі. З атрыманага валакна пралі ніткі пры дапамозе верацяна і калаўрота. Пражу сушылі на спецыяльных прыстасаваннях - матавілах, вітушках, пасля чаго ніткі запраўлялі ў ткацкі станок на працягу адной-двух тыдняў і далей ткалі палотны. Для вычэсвання лёну традыцыйна выкарыстоўваліся драўляныя грабяні з набітымі драўлянымі або жалезнымі зуб'ямі (мал.2) і грабяні лапатападобнай формы (мал.3). Для больш шчыльнага прачэсвання льняной масы маглі выкарыстоўваць шчотку (мал.4).

Падчас працы бралі пучок часанага лёну ўкладвалі на калені і, прытрымваючы левай рукой за канец, правай пачыналі мякка вычэсваць іх шчоткай. Жорсткі і пругкі свіны волас плённа прачэсваў льняную масу і падрыхтоўваў валакно для наступнага этапу - прадзення. Шчотка выраблялася наступным чынам: свіное шчацінне звязвалі ў пучок накшталт вялікага пэндзля, з аднаго канца абмотвалі вяроўкай і пакрывалі смалой для стварэння своеасаблівага трымальніка.

Шчотка з фондаў Вілейскага краязнаўчага музея датавана 1920-мі гг. Была знойдзена ў в. Рабунь Вілейскага р-на.

https://molodechno-mokm.museum.by/