ПРАЕКТ «ТРАДЫЦЫІ І СУЧАСНАСЦЬ» ВЫСТАЎКА «ПАВУЧОК ІДЗЕ – ШЧАСЦЕ ВЯДЗЕ»
Мастацкая галерэя ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці» запрашае наведаць выстаўку «ТРАДЫЦЫІ І СУЧАСНАСЦЬ: павучок ідзе – шчасце вядзе», якая будзе працаваць да 1 сакавіка 2026 г.
Саламяны павук з’яўляўся традыцыйным упрыгажэннем і сімвалічным абярэгам сялянскага жылля, які ахоўваў хату і яе жыхароў, спрыяў дабрабыту. Ён ствараўся да важных у жыцці людзей святаў — да Калядаў, Вялікадня, вяселля, Дзядоў, а правісеўшы год, спальваўся. У кожным рэгіёне Беларусі існуюць свае традыцыі вырабу павукоў. На выставе паказаны падвесныя абярэгі менавіта Мінскай вобласці, зробленыя з саломкі, паперы, сучасных дэкаратыўных матэрыялаў.
У розных народаў існавалі падобныя традыцыі аховы жылля і сям’і, але самі абярэгі з саломкі называліся па-іншаму: «сад» — у літоўцаў і латышоў, «карона» — у фінаў і немцаў, «мушыны рай» — у чэхаў. На беларускіх землях часцей за ўсё канструкцыю з саломінак называлі «павук», а таксама «ліхтар» або «саламон».
Беларускія павукі-абярэгі па сваёй канструкцыі пераважна бываюць у выглядзе трох кампазіцыйных схем: ромб, піраміда, зорка. Вельмі сімвалічна, што форма ромба ў старажытных культурах часцей за ўсё звязана з разуменнем мадэлі светабудовы, а ў фальклоры павуцінне выступае ў ролі ніці, якая звязвае неба і зямлю.
Лаўцы дрэннай энергіі спалучаюць строгую гармонію формы і рухомасць, бо варушацца ад самых лёгкіх павеваў паветра або пары.
Месца размяшчэння павукоў у хаце было таксама строга рэгламентавана. Пераважна іх падвешвалі на столь у покуці, над сталом (адсюль рухомасць ад пары, што ідзе ад ежы), над калыскай немаўляці, над маладымі падчас вяселля.
Стварэнне саламяных павукоў з’яўляецца неад’емнай часткай традыцый беларускага саломапляцення (якое ў 2022 годзе ўвайшло ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА), а элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Традыцыя вырабу саламяных павукоў у Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці» ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, у Мінскай вобласці рэгулярна ладзіцца свята-конкурс «Саламяны павук» у Валожыне, варыяцыі саламяных абярэгаў мы можам убачыць літаральна ў кожным рэгіянальным гісторыка-краязнаўчым музеі.
Аўтарамі саламяных канструкцый, якія прадстаўлены ў галерэі «Цэнтр», сталі, як вопытныя майстры — выкладчыкі клубных аб’яднанняў, Народныя майстры Рэспублікі Беларусь, майстры цэнтраў культуры і народнай творчасці, так і юныя ўмельцы — навучэнцы каледжаў (Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў і Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя А.К.Агінскага) і студый дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, што яскрава дэманструе перадачу традыцый моладзі і непарыўную сувязь паміж пакаленнямі.
У склад экспазіцыі ўвайшлі і ўнікальныя экспанаты, што дэманструюцца ў Мінску ўпершыню: Народны майстар Рэспублікі Беларусь Вольга Пілецкая аднавіла традыцыю папяровых падвесных абярэгаў з вёскі Шчэпічы, а таксама «павукоў» з амялы і шарападобнага з бульбы і жыта (бытавалі у в. Колкі) і прэзентуе іх рэканструкцыі.
Усяго ў выставе прынялі ўдзел 13 устаноў культуры і адукацыі Мінскай вобласці, а колькасць экспанатаў — больш за 30 экзэмпляраў.
Падчас працы праекта будзе праведезены цыкл майстар-класаў ад лепшых майстроў Мінскай вобласці.
Месца правядзення: мастацкая галерэя «Цэнтр» ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці»
Адрас: Мінск, вул. Гікалы, 4
Час працы: серада-нядзеля: 11:00 - 19:00
Тэл. 8017 342 50 76, @gallery_centre
Кошт уваходнага квітка – 3 бел.руб., ільготнага білета – 1 бел.руб.