
У экспазіцыі выстаўкі, створанай на аснове фондавых калекцый музея, будуць прадстаўлены выключна белага колеру абрусы, ручнікі, посцілкі, фіранкі, падзоры, сурвэткі, карункі, наміткі, кашулі, фартухі.
Белы колер шырока прымяняўся ў беларускім народным тэкстылі і з’яўляўся сімвалам чысціні і святасці.
Сярод экспанатаў выстаўкі – тканыя вырабы, вырабленыя ў тэхніцы белаўзорыстага ткацтва майстрамі Г.П.Лянцэвіч і Т.П.Малец (Лідскі раён, 1920 – 1940-я гг.).
Белаўзорыстае ткацтва – традыцыйная культурная з’ява ў народным тэкстылі (з 2018 нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці), якая была пашырана на тэрыторыі Панямоння ў ХІХ – пачатку ХХ ст. Белаўзорыстае ткацтва аб’ядноўвае розныя тэхнікі ручнога ткацтва: аднаўточнае двухнітовае з пераборам на дошку, двухнітовае ткацтва, чатырохнітовае аднаўточнае, чатырохнітовае двухуточнае, пяцінітовае, шасцінітовае, васьмінітовае аднаўточнае і васьмінітовае двухуточнае ткацтва, дванаццацінітовае, двухбаковы перабор, у выніку якіх ўтвараецца прыгожае белае палатно са складанай дробнаўзорыстай структурай паверхні і далікатнай фактурай, утворанай своеасаблівым перапляценнем нітак асновы і ўтку. Такое палатно выкарыстоўваецца пераважна для вырабу ручнікоў, абрусоў, сурвэткаў. Ручнікі вылучаюцца адметнымі белымі палатнінамі, вартасць якіх у высокай якасці, дасканаласці выканання, эфектнай гульні светлаценяў на дробнаўзорыстай белай паверхні палатна. Пры іх вырабе менш увагі надавалася каляроваму ўзору, які ішоў толькі па краі вырабу, узорны малюнак часта быў сціплы або яго магло не быць увогуле – менавіта гэта адрознівае Панямонскі ручнік ад ручнікоў іншых рэгіёнаў Беларусі. Тканыя вырабы часта аздаблялі карункамі, звязанымі кручком. Ручнікі выкарыстоўваліся як у праваслаўных, так і ў каталікоў у радзінна-хрысціннай, вясельнай, сітуацыйнай і каляндарнай абраднасці для святочнага прыбірання, белаўзорыстыя абрусы былі абавязковым элементам падрыхтоўкі любога абрадавага і святочнага стала. Да пачатку ХХ ст. белаўзорыстыя тканіны вырабляліся з самапрадзеных белых ільняных нітак, пазней сталі выкарыстоўвацца фабрычныя баваўняныя, шаўковыя ніткі. Сёння гэтыя тэхнікі ткацтва амаль не выкарыстоўваюцца ў сваім натуральным вясковым асяроддзі. Дзякуючы энтузіязму Яўгена Маркевіча і цікавасці да гэтага майстэрства супрацоўнікаў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ўстановы культуры “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” практыка традыцыйнага белаўзорыстага ткацтва працягвае існаваць. Толькі цяпер яна перайшла з вясковага асяроддзя ў рукі гарадскіх майстроў і сферу арганізацыі вольнага часу.
Выстаўку можна наведаць з 10.00 да 18.00, г.Гродна, вул.Ажэшкі, 37, вых. - панядзелак
т. 62-09-93
Па матэрыялах пашпарта на гісторыка-культурную каштоўнасць Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння, t.me/museum_grodno