Падчас працы канферэнцыі навукоўцамі з Беларусі і Расіі былі разгледжаны і абмеркаваны пытанні аховы археалагічнай спадчыны, праблема незаконнага пошуку археалагічных артэфактаў, асаблівасці ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцей, захаванне гістарычнай памяці. Жывую дыскусію сярод спецыялістаў выклікала пытанне перспектывы намініравання новых гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь для ўключэння ў спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
Нацыянальную бібліятэку Беларусі прадставілі супрацоўнікі сектара фарміравання Банка звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Іна Вішнеўская і Таццяна Віткоўская, якія ўзялі ўдзел у рабоце круглага стала першага Пленарнага пасяджэння канферэнцыі з дакладам: «Дзяржаўны інфармацыйны рэсурс “Банк звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь» (heritage.gov.by). Спецыялісты НББ пазнаёмілі прысутных з мадэрнізаваным сайтам, магчымасцямі карыстання рэсурсамі “Банка звестак”, алгарытмам напаўнення раздзелаў сайта, запланаваным пашырэннем функцыяналу.
Даклад выклікаў цікавасць у шырокага кола спецыялістаў, былі зададзены пытанні па тэматыцы рэсурсу і выказаны прапановы па далейшым плане працы і магчымым супрацоўніцтве.