Шыфр
412Г000017
Дадзеная каштоўнасць мае ў комплексе некалькі аб'ектаў.
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Гродзенская вобласць, г. Гродна, вул. Маркса К. 27
Датаванне
1636 г.
Апісанне
Ансамбль былога кляштара брыгітак з'яўляецца адной з дамінант горада. Размешчаны ў гістарычным цэнтры Гродна па адрасе вуліца К. Маркса, 27. Ансамбль уключае касцёл, жылы корпус, драўляны лямус і каменную агароджу з брамай.
Ансамбль былога кляштара брыгітак – помнік архітэктуры ранняга барока (так званага любельскага тыпу рэнесанснага касцёла) з элементамі готыкі і рэнесансу. Традыцыйна лічыцца, што пабудаваны ў 1634–1642 гг.. Захаваўся да нашых дзён без значных перабудоў.
На думку некаторых даследчыкаў, касцёл брыгітак з'яўляецца адным з самых ранніх аўтэнтычных узораў барочнага двухвежавага фасада ў сакральным дойлідстве Беларусі, а спалучэнне ў ім рэнесансных і барочных рыс надае яму асаблівую пераканаўчасць і адметнасць.
У архітэктурных дэталях брыгіцкага касцёла і кляштара відаць прыкметнае адхіленне ад класічных барочных форм. Гэта праявілася ў досыць вольнай трактоўцы капітэлей пілястраў карынфскага ордара, у дэкаратыўным аздабленні парталаў і асабліва – у архітэктурных матывах брам, якія толькі аддалена нагадваюць формы заходнееўрапейскай архітэктуры. У іх невядомы беларускі майстар, атрымаўшы пэўную свабоду ад фундатара, праявіў сваё самабытнае выяўленчае дараванне.
У двары комплексу захаваўся ўнікальны і па некаторых крыніцах самы старажытны ў Беларусі драўляны будынак – лямус. У архітэктуры і канструкцыях гэтай пабудовы знайшлі сваё адлюстраванне традыцыі беларускага народнага дойлідства.