28 чэрвеня Жодзішкі стануць сэрцам жывой беларускай душы!
У былой сядзібе аграгарадка Жодзішкі распачнецца рэгіянальны фестываль народнай інструментальнай музыкі «Іграю, як знаю, скачу, як хачу».
У гэты дзень на маляўнічай жодзішкаўскай зямлі пад адкрытым небам, адбудуцца два самабытныя мерапрыемствы, аб'яднаныя адной ідэяй - любоўю да беларускай народнай культуры, музыкі і танца.
Менавіта на Смаргонскай зямлі нарадзілася адна з найкаштоўнейшых беларускіх традыцый - «Смаргонскія найгрышы», якія атрымалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці
І менавіта тут, сярод лясоў і палёў, дзе з даўніх часоў гучалі скрыпкі і гармонікі, і народныя мелодыі, зноў ажывуць старадаўнія найгрышы, напаўняючы сэрцы гасцей асаблівым пачуццём любові да сваёй культуры!
У 11:00 - у былой сядзібе аграгарадка Жодзішкі распачнецца рэгіянальны фестываль народнай інструментальнай музыкі «Іграю, як знаю, скачу, як хачу». Тут загучаць старадаўнія мелодыі, а майстэрства музыкаў яшчэ раз нагадае пра багацце і непаўторнасць культурнай спадчыны Смаргонскага краю
У 14:00 - святочны настрой перанясе гасцей на пляцоўку каля філіяла «Жодзішкаўскі Дом культуры», дзе ўжо ў восьмы раз адбудзецца брэндавы фестываль побытавых танцаў «Жодзішкаўскі карагод». У ім сустрэнуцца танцавальныя пары з розных куткоў Беларусі, каб разам аб’яднацца, захаваць і перадаць нашчадкам традыцыі беларускага народнага танца.
А што можа мацней яднаць беларусаў, чым жывы танец?
Хуткі, імклівы, вясёлы і шчыры - ён нясе ў сабе памяць пакаленняў, цеплыню роднага дому і любоў да жыцця.
Гасцей таксама чакаюць выступленні творчых калектываў, майстар-класы, конкурсы, выстаўка-продаж вырабаў народных майстроў, дзіцячыя забавы і цёплая, гасцінная атмасфера сапраўднага беларускага свята.
Прыязджайце на свята, дзе музыка пераходзіць у танец, танец - у шчырыя ўсмешкі, новыя знаёмствы і цёплыя ўспаміны.
Крыніца: t.me/kulturasmorgoni