
Аграгарадок Сянькоўшчына запрашае 8 чэрвеня на народнае свята “Зялёныя святкі”, прысвечанае хрысціянскаму святу Троіца. Менавіта ў гэтым маляўнічым мястэчку мясцовыя жыхары захавалі традыцыі і звычаі святкавання Сёмухі.
Пачнецца свята з абраду “Ваджэнне куста”. Маладыя дзяўчаты з галоўнай гераіняй “Кустом” і народнымі калектывамі наведаюць падворкі мясцовых жыхароў з песнямі, танцамі і пажаданнямі багацця, ураджаю, здароўя, шчасця і любові на ўвесь год.
А пасля, на астраўку акружаным блакітным возерам, пачнецца сапраўдная традыцыйная весялосць з “Завіваннем бярозкі”, “Кумаваннем”, народнымі песнямі і танцамі, каларытнымі касцюмамі, карагодамі, беларускімі гульнямі. І гэта яшчэ не ўсё! Мясцовыя гаспадынькі запросяць вас пакаштаваць традыцыйныя Траецкія стравы, а народны фальклорны калектыў “Чараўніцы-каравайніцы” пачастуе знакамітым Паўлаўскім Траецкім караваем.
Тэл.: +3751562 46820, ДУК “Слонімскі раённы цэнтр культуры”
www.srknt.by