зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Навіна

Археалагічныя даследаванні ў мястэчку Ізабелін

У цэнтры гістарычнага мястэчка Ізабелін у Ваўкавыскім раёне адбываюцца археалагічныя даследаванні. Зараз праходзіць рэстаўрацыя помніка архітэктуры XVIII ст. – барочнай сінагогі, якая размешчана ў самым цэнтры мястэчка. У перспектыве ў будынку сінагогі плануецца стварэнне музейнай экспазіцыі. 

У сувязі з рэстаўрацыйнымі працамі патрабуецца археалагічны нагляд за землянымі працамі на аб’екце, які ажыццяўляе вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Алег Дзярновіч. У выніку быў выяўлены мураваны падмурак іншай пабудовы. Гэтыя канструкцыі можна атаясамляць з падмуркам будынка, які, паводле ўспамінаў, быў так званай “Клайне Шуль” — Малой сінагогай, што ўваходзіла ў адзін комплекс сінагальнага двара Ізабеліна. Драўляны будынак Малой сінагогі вядомы з ХІХ ст. Але выяўленыя падмуркі датуюцца другой паловай XVIII ст., пра гэта сведчыць, у тым ліку, і нумізматычны матэрыял.
Выяўлены падмурак мае шэраг архітэктурных асаблівасцей. Вельмі цікавым з’яўляецца выкарыстанне каменнага жорнава ў падмурку. Яшчэ адна цікавая асаблівасць — выкладанне пляскатай дахоўкай XVII ст. падмурка ўваходу ў будынак.
Акрамя таго, быў выяўлены падмурак печы, за якім знаходзцца развал кафлі XVII ст. Такім чынам, цэлы шэраг фактараў указваюць на тое, што да стварэння сінагальнага двара ў цэнтры Ізабеліна існавала іншая забудова з багата дэкараванымі печамі. Сляды гэтай забудовы былі выяўлены пад час сёлетніх даследаванняў.

Крыніца: https://history.by/be/news_december_2025/