зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Навіна

Археолагі БДУ выявілі сляды ўзброенага сутыкнення сярэдзіны I тысячагоддзя нашай эры

Гэта стала вынікам штогадовай практыкі студэнтаў гістарычнага факультэта, якая праходзіць гэтымі днямі на тэрыторыі археалагічнага комплексу ля вёскі Рэчкі Вілейскага раёна.

Кіраўніком раскопак выступае загадчыца кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін БДУ Паліна Курловіч.

У ходзе экспедыцыі выяўлены згарэлыя ў пажары рэшткі ўмацаванняў. У прыватнасці, гаворка ідзе пра земляны вал, на якім стаяла драўляная сцяна. Тут знойдзены наканечнікі стрэл - сведчанне таго, што гарадзішча згарэла ў выніку ўзброенага канфлікту.

Выяўленыя ў пласце пажару артэфакты дазваляюць папярэдне датаваць гэтыя падзеі эпохай Вялікага перасялення народаў (4-першая палова 5 стагоддзяў). Таксама вядуцца раскопкі на неўмацаваным паселішчы ля падножжа гарадзішча. Знойдзены шматлікія прадметы, якія характарызуюць матэрыяльную культуру таго часу: прылады працы з жалеза і гліны, дэталі касцюма, вырабы з косці, керамічныя пасудзіны.

Вывучэнне комплексу праводзіцца ў рамках рэалізацыі канцэпцыі нацыянальных археалагічных праектаў. Даследаванне дапаможа лепш даведацца пра тое, як жылі людзі ў I тысячагоддзі нашай эры, і атрымаць новыя дадзеныя аб рассяленні славян на тэрыторыі Беларусі.

Экспедыцыя ў Рэчках працягнецца да 28 ліпеня. Выяўленыя артэфакты перададуць у вучэбную лабараторыю музейнай справы гістарычнага факультэта БДУ. Там яны пройдуць дадатковае вывучэнне ў камеральных умовах, а затым папоўняць выставачную экспазіцыю. 

Выязныя практычныя даследаванні студэнтаў-гісторыкаў праводзяцца штогод з 1954 года. Раскопкі ў розных рэгіёнах Беларусі дазваляюць выяўляць асаблівасці матэрыяльнай культуры ад каменнага веку да новага часу.
 

Крыніца: https://bsu.by/news/arkheologi-bgu-obnaruzhili-sledy-vooruzhennogo-stolknoveniya-serediny-i-tysyacheletiya-nashey-ery-d/