Беларускі элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Неглюбская тэкстыльная традыцыя Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці» папоўніў Спіс ЮНЕСКА
9 снежня 2025 г. Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны (ЮНЕСКА) падчас 20-й сесіі (г. Нью-Дэлі, Індыя) прыняў рашэнне аб уключэнні элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Неглюбская тэкстыльная традыцыя Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці» ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, які патрабуе тэрміновай аховы (ЮНЕСКА)
Неглюбская тэкстыльная традыцыя Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці з’яўляецца ўнікальнай з'явай беларускай народнай культуры, якая захавала архаічныя рысы і складаную сімволіку. Гэта традыцыя сфармавалася ў XVII стагоддзі і ахоплівае стварэнне ручнікоў, прадметаў адзення і інтэр’еру з выкарыстаннем самабытных тэхнік ткацтва і вышыўкі. Асаблівую вядомасць набылі неглюбскія ручнікі, якія вылучаюцца складанай паліхромнай гамай (да 25 адценняў) і багатай арнаментальнай спадчынай, якая налічвае больш за 120 узораў, некаторыя з якіх узыходзяць да тысячагадовых традыцый. Геаметрычныя і раслінныя арнаменты («крывулі», «павукі», «яблынька» і інш.) нясуць у сабе зашыфраваныя пажаданні дабра, кахання, дабрабыту і здароўя.
Унікальнасць тэхнікі, пры якой ткацтва вядзецца з адваротнага боку, забяспечвае непаўторнасць кожнага вырабу. Як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, традыцыя працягвае жыць дзякуючы безупыннай пераемнасці пакаленняў, што захоўваюць ўнікальныя тэхнікі і сімвалічную мову народнага мастацтва.
Мясцовыя жыхары працягваюць выкарыстоўваць традыцыйныя тэкстыльныя вырабы ў паўсядзённым жыцці і прыкладаюць значныя намаганні дзеля распаўсюджвання практык традыцыйнага неглюбскага ткацтва, асабліва з мэтай перадачы ведаў новаму пакаленню.
Уключэнне гэтага рамяства ў Спіс ЮНЕСКА стала вынікам сумеснай працы супольнасці неглюбскіх майстроў, экспертаў і спецылістаў па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ЮНЕСКА і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.
З уключэннем «Неглюбскай тэкстыльнай традыцыі» спісы нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА налічваюць сем беларускіх элементаў.
Раней ўключаны святочны абрад «Калядныя цары» вёскі Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці, 2009 г. ; «Святкаванне ў гонар іконы Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)», 2017 г. ; «Юраўскі карагод» у в.Пагост Жыткавічскага раёна Гомельскай вобласці, 2019 г. , Культура бортніцтва, 2020 г. ; «Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні», 2022 г. , «Выцінанка – традыцыйнае мастацтва выразання паперы ў Беларусі», 2024.
Крыніца: https://www.mfa.gov.by/be/press/news_mfa/b02ceb3eea87b9db.html