Унікальны праект прысвечаны найважнейшым тэмам Года міру і стварэння – захаванню нематэрыяльных здабыткаў Беларусі і культурных традыцый беларускага народа.
Рэспубліка Беларусь стала адной з першых краін, якія прынялі канвенцыю ЮНЕСКА. Выстава “Дакрануцца душой да спадчыны” дэманструе велізарную працу, праведзеную за апошнія дзесяцігоддзі па імплементацыі канвенцыі ЮНЕСКА 2003 года ў нацыянальнае заканадаўства і дзейнасць устаноў культуры.
На перасоўнай выставе прадстаўлена 25 стэндаў, дзякуючы якім наведвальнікі могуць пазнаёміцца з народнымі традыцыямі і звычаямі, самабытнымі рытуаламі і абрадамі, якія сустракаюцца толькі на тэрыторыі Беларусі.
Асобныя стэнды выставы прысвечаны беларускім элементам, уключаным у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА: калядны абрад “Цары”, урачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай, ці “Будслаўскі фэст”, абрад “Юр’я”, лясное бортніцтва Беларусі, беларускія мастацкія практыкі саломапляцення.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел Міністр замежных спраў, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Сяргей Алейнік, першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, аўтар выставы “Дакрануцца душой да спадчыны” Вольга Якабсон.
У рамках адкрыцця выставы адбылося ўручэнне сертыфікатаў аб уключэнні ў спіс ЮНЕСКА вясновага абраду “Юр'я”, культуры ляснога бортніцтва, элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны беларускія мастацкія практыкі саломапляцення.
Прэзентацыя выставы дапоўнена выданнямі з фонду Нацыянальнай бібліятэкі. Прадстаўлена каля 100 выданняў. Сярод іх – грунтоўныя кнігі, прысвечаныя разнастайным пытанням захавання нематэрыяльнай культурнай спадчыны і ўдзелу Рэспублікі Беларусь у праграмах і праектах ЮНЕСКА па гэтай тэме. Ілюстраваныя выданні па захаванні выканальніцкіх мастацтваў, вуснай традыцыі і формы выказвання (народных гульняў, казак), міфалогіі, народных абрадавых свят, традыцыйных рамёстваў і нацыянальнай кухні.
Асобны комплекс матэрыялаў – зборнікі міжнародных навуковых і навукова-практычных канферэнцый наступнай тэматыкі: традыцыйная культура і дзеці, фалькларыстычныя даследаванні, праблемы захавання і папулярызацыі культурнай спадчыны, традыцыйная культура і фальклорная спадчына ў сучаснай культурнай прасторы і інш.
Выставачны праект падрыхтаваны Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Выстава працуе ў атрыуме 2-га паверха да 23 лістапада 2023 года.
Дата яе заканчэння можа быць зменена.
Час работы выставы адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Тэлефон для даведак: (8 017) 368 37 37