“Гродзенскае сузор’е талентаў” ззяе, зіхаціць і чакае новых аматараў!
У Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці адбылося адкрыццё выстаўкі “Гродзенскае сузор’е талентаў”. Азнаёміцца з работамі можна да 15 сакавіка 2026 г.
У Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці адкрылася выстаўка “Гродзенскае сузор’е талентаў”, якая стала творчай справаздачай аб дзейнасці і сучасным стане дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва ў г. Гродна. Экспазіцыя выстаўкі налічвае звыш 200 работ, створаных кіраўнікамі і ўдзельнікамі гурткоў Цэнтра рамёстваў “Спадчына”, а таксама майстрамі і мастакамі народнага калектыву майстроў дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва “Гарадзенскі каларыт” Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры.
Наведвальнікі выстаўкі з задавальненнем змогуць акунуцца ў свет жывапісу і рамёстваў, якія бяруць вытокі з былых стагоддзяў і знаходзяць свой працяг у культуры сучаснай Гродзеншчыны. Тэкстыльнае багацце, дзівосы з воўны і лазы, віртуозная апрацоўка металу, шэдэўры з гліны, вытанчаная вышыўка, аўтарскія лялькі, лапікавае шыццё, аб’ёмна-ажурная разьба па дрэве – багатае экспазіцыя нікога не пакіне абыякавым.
Крыніца: http://gromc.by/