зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Навіна

Храм з амаль 900-гадовай гісторыяй. Шляхі захавання Каложскай царквы абмеркавалі спецыялісты

15 ліпеня, Гродна / кар. БЕЛТА/. У Гродна адбылася канферэнцыя "Свята-Барыса-Глебская Каложская царква (XII стагоддзе): пошук шляхоў захавання", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Навуковая сустрэча прысвечана разгляду пытанняў захавання каменнай сцяны храма-помніка XII стагоддзя. Гэтаму папярэднічаў шэраг навуковых даследаванняў тэхнічнага стану будынка царквы.

Як адзначыў галоўны архітэктар ААТ "Рэстаўрацыяінвест" Віктар Панасюк, праблемных момантаў шмат. "Яны лакалізуюцца на розных участках, як па вонкавых сценах, так і па ўнутраных канструкцыях. Тэхнічны стан сцен як апорных канструкцый здавальняючы. Але пры гэтым маецца мноства дробных страт, якія патрабуюць рамонтных і рэстаўрацыйных работ", - сказаў ён, дадаўшы, што пачаты даследаванні, якія павінны перайсці ў работы па праектаванні.

Па словах архітэктара-рэстаўратара вышэйшай катэгорыі Сяргея Лалазарава (Санкт-Пецярбург), у храма ёсць свае ўнікальныя элементы. "Уся Гродзенская архітэктурная школа XII стагоддзя адрозніваецца ад Пскоўскай, Наўгародскай, Кіеўскай і Чарнігаўскай. Ёсць элементы, якіх мы не бачым на іншых помніках. Гэта адкрытая кладка фасадная кладка, маёлікавая кафля і падлогі, уключэнне ў сцены паліраванага каменя. Шмат унікальных архітэктурных рашэнняў. У прыватнасці, унутрысценныя лесвіцы, якія праходзяць праз усе апсіды", - адзначыў ён.

"Ідуць працэсы разбурэння. І каб іх спыніць і захаваць гэтыя ўнікальныя часткі, трэба іх даследаваць, раскрыць, даць праектныя рашэнні, прымяніць сучасныя і раней апрабаваныя тэхналогіі, - сказаў Сяргей Лалазараў. - Пры адкрытых мурах трэба прымаць такія рашэнні, каб гэта яшчэ гарманічна ўспрымалася, і мы сваімі матэрыяламі не разбуралі, напрыклад, каларыстычную гаму. Гэта дадатковыя складанасці для рэстаўрацыі ў гэтым храме".

Начальнік аддзела ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Альгерд Чарняўскі заўважыў, што Каложская царква знаходзіцца на стыку культур і архітэктурных школ. "Помнік XII стагоддзя арганічна спалучае ў сабе цэглу, плінфу, камень і дрэва. Непаўторная архітэктура робіць яго вельмі важным помнікам не толькі рэспубліканскага значэння, але і агульнасусветнай культуры. Яго рэстаўрацыя - гэта вельмі складаная задача, бо неабходна знайсці збалансаваны падыход да навуковай кансервацыі і рэстаўрацыі, да жадання захаваць кожны элемент у арыгінале і забяспечыць яго фізічную захаванасць", - сказаў ён.

Як распавяла вядучы спецыяліст навукова-даследчага аддзела гісторыка-культурнай спадчыны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Валерыя Есіс, Каложская царква ўключана ў папярэдні спіс Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА: "Пачатак пакладзены, і далейшая праца па гэтым напрамку будзе ўключаць некалькі блокаў працы абсалютна розных спецыялістаў (рэстаўратараў, гісторыкаў, культуролагаў). Менавіта рознабаковае вывучэнне і дае нам перавагу, па якой мы можам прадставіць дадзены аб'ект на сусветным узроўні". "Праца над намінацыйным дасье займае некалькі гадоў. Але менавіта гэтая канферэнцыя павінна паслужыць штуршком", - дадала Валерыя Есіс.

Крыніца: https://belta.by/. Фота Леаніда Шчаглова