“Кніжная культура беларускіх татар”: унікальная выстава рукапісаў адкрываецца ў Нацыянальным музеі Султаната Аман
9 верасня ў Нацыянальным музеі Султаната Аман (г. Маскат) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы “Кніжная культура беларускіх татар” з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Экспазіцыя прадставіць 16 узораў самабытнай рукапіснай кніжнай традыцыі беларускіх татар і будзе працаваць да 5 лістапада.
Урачыстае адкрыццё пройдзе пад патранатам міністра па справах рэлігіі і вакфаў Султаната Аман доктара Мухамада бін Саіда аль-Маамары. У рамках мерапрыемства адбудзецца навуковая прэзентацыя, прысвечаная гістарычнаму кантэксту фарміравання кніжнай культуры беларускіх татар, асаблівасцям прапанаваных манускрыптаў і сучасным формам папулярызацыі гэтай унікальнай спадчыны.
Выстава стала вынікам паслядоўнай працы па ўмацаванні беларуска-аманскіх адносін. Яе правядзенне стала магчымым у выніку дамоўленасцей, дасягнутых у ходзе візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі ў Султанат Аман у снежні 2024 года, а таксама ў адпаведнасці з Дарожнай картай па супрацоўніцтве паміж дзвюма краінамі на 2026–2027 гады і дадатковымі пагадненнямі паміж Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Нацыянальным музеем Султаната Аман.
Унікальная спадчына ў рукапісах
Найкаштоўнейшую частку кніжнай культуры Беларусі складаюць арабаграфічныя рукапісы, якія ствараліся татарамі на беларускіх землях на працягу стагоддзяў. Усяго ў свеце захавалася невялікая колькасць такіх рукапісных помнікаў. Калекцыя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – адна з найбуйнейшых.
Рукапісныя кнігі беларускіх татар аформлены арабскімі літарамі на арабскай, беларускай, польскай мовах і на цюркі. Мусульманскае насельніцтва Беларусі першым з іншых канфесійных груп стварыла на аснове арабскага пісьма арыгінальны алфавіт для запісу гукаў беларускай мовы.
Сярод экспанатаў – свяшчэнная кніга мусульман Каран (асобнікі першай чвэрці XIX – пачатку XX ст. з захаванымі імёнамі перапісчыкаў і ўладальнікаў), якія растлумачваюць каментары да Карана (тафсіры канца XVIII – пачатку XX ст.), а таксама разнастайныя па змесце зборнікі (кітабы другой паловы XIX – пачатку XX ст. з указаннем месцаў стварэння і імёнаў перапісчыкаў). Асобны раздзел дэманструе ўзоры самых распаўсюджаных кніг татар – хамаілаў – маленькіх малітоўнікаў канца XIX – пачатку XX ст., створаных у Слоніме, Мінску і іншых рэгіёнах Беларусі.
Стажыроўка для беларускіх рэстаўратараў
Паралельна з выставай у рамках дамоўленасцей, дасягнутых у ходзе візіту ў Султанат Аман у студзені 2026 года, на працягу месяца будзе праходзіць стажыроўка для спецыялістаў аддзела рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Арганізатарамі навучання выступаюць Нацыянальны музей Султаната Аман і Нацыянальнае ўпраўленне дакументацыі і архіваў Султаната Аман.
Мэта стажыроўкі – засваенне сучасных метадаў ручной рэстаўрацыі каштоўных старых дакументаў сярэдзіны XIX – пачатку XX ст., вывучэнне новых тэхналогій рэстаўрацыі вокладак і працы з сучасным рэстаўрацыйным абсталяваннем. Гэты вопыт дазволіць беларускім спецыялістам укараніць перадавыя міжнародныя практыкі ў работу з унікальнымі кніжнымі помнікамі.
Культурны дыялог праз кнігі
Выстава “Кніжная культура беларускіх татар” – гэта важны этап у развіцці культурнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Аманам. Беларускія татары, з’яўляючыся прадстаўнікамі мусульманскай культуры, на працягу стагоддзяў гарманічна ўбудоўваліся ў Беларускі сацыяльна-палітычны і бытавы ўклад, падзялялі з мясцовым насельніцтвам усе радасці і нягоды, захаваўшы пры гэтым традыцыі, рэлігію і самабытнасць. Іх кніжная спадчына – жывое сведчанне гэтага ўнікальнага сінтэзу.
Матэрыял падрыхтаваны аддзелам сувязей з грамадскасцю НББ.
Крыніца: https://www.nlb.by/