зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Музей народнай архітэктуры і побыту 26 кастрычніка запрашае на абрад «Ката пячы»

Музей народнай архітэктуры і побыту сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур запрашае на абрад «Ката пячы», які пройдзе 26 кастрычніка. Пачатак а 15-й гадзіне.

Ігрышча «Ката пячы» ў Скірмантаве Дзяржынскага раёна праводзіцца звычайна напярэдадні перадкаляднага посту. Жанатыя і нежанатыя пары збіраюцца ў адной хаце на вясёлую гулянку ўскладчыну, асноўная падзея якой – абрадавая гульня.

Галоўным дзеяннем гульні з’яўляецца выраб фігуры «ката» са спецыяльна выпечаных булак пэўнай формы, якія адмысловым чынам злучаюцца паміж сабой: галава “ката” аздабляецца вушкамі з сала, вочкамі з чарніц, далучаецца хвост са свойскай каўбасы. Такога “ката” ўрачыста выносяць на цэнтр хаты і прывязваюць да столі.

Пасля пачынаецца жартоўнае спаборніцтва паміж удзельнікамі, хто якую частку ката здолее адкусіць. Дзеля гэтага кожны па чарзе “едзе” на вілках да ката і падскоквае, імкнучыся адкусіць яго частку. Пры гэтым неабходна пераадолець перашкоды, якія ствараюць іншыя ўдзельнікі і выканаць пэўныя ўмовы (не ўсміхацца, не чапаць ката рукамі і інш.). Тыя, хто не справіўся, атрымоўваюць розныя жартоўная заданні. Пераможцам лічыцца той, хто адкусіў хвост, пасля чаго “ката” дзеляць паміж усімі прысутнымі.

Усе этапы гульні суправаджаюцца традыцыйнымі песнямі, прыпеўкамі, танцамі пад гармонік, жартоўнымі гульнямі, анекдотамі, вячэрай з пачастункамі, якія ўдзельнікі прыносяць з сабой. Ежа падкрэслена тлустая і багатая, а ўжо 28 лістапада пачынаецца перадкалядны пост «Піліпаўка» з забаронамі не толькі на скаромнае, але на гульні ды забавы.

Ігрышча “Ката пячы” захавалася дзякуючы роду Рэдзько, прадстаўнікі якога захоўваюць мясцовыя песні, танцы, гульні, музыку, папулярызуюць усё гэта ў сцэнічнай форме. А ў межах культурнага адпачынку сваіх самадзейных калектываў “Сваякі” і “Весялуха” захавалі і абрадавую гульню “Ката пячы”. Такім чынам, элемент захоўваецца ў сям’, ў вясковай супольнасці і праз дзейнасць мясцовага Дома культуры.

Кошт квіткоў:

  • для дарослых – 14,00 руб.;
  • студэнтаў вышэйшых устаноў адукацыі (студэнцкі білет) – 7,00 руб.;
  • для школьнікаў, навучэнцаў прафесійна-тэхнічных, сярэдне-спецыяльных устаноў адукацыі – 7,00 руб.;
  • для дзяцей дашкольнага ўзросту – бясплатна.

 Экспазіцыя музея працуе з 10:00 да 17.00. Каса працуе з 10:00 да 16:30.

Музей знаходзіцца ў 4-х км ад МКАД за аўтарынкам «Малінаўка» каля аг. Азярцо.

Праезд ад аўтастанцыi «Паўднёва-Заходняя» прыгараднымі аўтобусамі ў накірунках: Мiнск –Дубянцы, Заходнія могілкі (170С), Чыкі; маршрутнае таксі №1111, 1026.
 

Па матэрыялах сайта https://etna.by