Новы праект да зімовых свят!
Нацыянальная бібліятэка Беларусі запрашае на мерапрыемствы новага адукацыйнага праекта “Пад каляднай зоркай”
Адно з самых старажытных славянскіх свят Каляды адзначалася ў перыяд зімовага сонцастаяння і сімвалізавала пачатак новага цыкла жыцця і веру ў добрую будучыню. Яго неад’емнымі атрыбутамі былі гульні, пераапрананне, калядкі (калядныя песні), гулянні. З прыходам на славянскія землі хрысціянства гэтае свята супала з Куццёй і Раством. Славяне захавалі яго спрадвечную назву і традыцыі і працягнулі святкаваць ад Раства да Вадохрышча.
Удзельнікі мерапрыемстваў адукацыйнага праекта пазнаёмяцца з каляднымі традыцыямі розных народаў, даведаюцца, як святкуюць Каляды на беларускай зямлі і “Святки” ў Расіі, і нават возьмуць удзел у абрадзе калядавання.
Распачынае праект кніжна-ілюстрацыйная выстава з аднайменнай назвай “Пад каляднай зоркай”, якая будзе дэманстравацца ў чытальнай зале міжбібліятэчнага і індывідуальнага абанемента (пам. 164) з 16 снежня па 19 студзеня. Экспазіцыя змяшчае не толькі выданні, якія распавядаюць аб традыцыях Каляд і калядавання, але і прадстаўляе працы навучэнцаў ХVIII Рэспубліканскай выстаўкі-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Калядная зорка”, якія ствараюць асабліва святочны настрой.
22 снежня а 15-й гадзіне адбудзецца майстар-клас “Калядны вянок”, які правядуць выкладчыкі і навучэнцы Мінскага дзяржаўнага каледжа рамесніцтва і дызайну імя М.А. Кедышкі. Удзельнікі змогуць не толькі назіраць за вырабам вянка, але і зрабіць яго сваімі рукамі з уласных матэрыялаў пад кіраўніцтвам вопытных майстроў і ўпрыгожыць ім свой дом.
У студзені нас чакаюць:
- 8 студзеня а 14-й гадзіне (пам. 164) – лекцыя “Абрадавыя і этнаграфічныя традыцыі калядавання-шчадравання на Беларусі” Таццяны Пладуновай, дацэнта кафедры народна-песеннай творчасці і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.
- 9 студзеня а 14-й гадзіне (пам. 164) – рэканструкцыя абраду калядавання “Прыйшла Каляда” народным сямейным абрадава-гульнявым калектывам “Радзіна” і ўзорным фальклорным дзіцячым калектывам “Валошкі” Новінскага сельскага Дома культуры Бярэзінскага раёна.
- 12 студзеня а 14-й гадзіне (пам. 164) – майстар-клас па вырабе каляднай лялькі.
Уваход – па чытацкім білеце.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 10.