
Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр адзін з найбольш старажытных на тэрыторыі Беларусі, які захаваўся і дзейнічае. 3 моманту свайго заснавання быў адным з перадавых манастыроў не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, значным духоўным і культурным цэнтрам. Заснаванне манастыра звязана з імем Еўфрасінні Полацкай - беларускай святой, асветніцы, мецэнаткі, прадстаўніцы полацкай княжацкай дынастыі Рагвалодавічаў. Прападобная Еўфрасіння стала адной з першых кананізаваных жанчын на ўсходнеславянскіх землях. На яе заказ дойлід Іаан пабудаваў сусветна вядомую царкву Спаса, якую лічаць дасканалым узорам полацкай архітэктурнай школы. Спаса-Праабражэнская царква з 'яўляецца адным з найбольш захаваных старажытнарускіх помнікаў сярэдзіны 12 ст. За шматгадовую гісторыю існавання архітэктура Спаса-Праабражэнскага храма не зведала значных страт. Сцены, скляпенні, аркі, апорныя пілоны і слупы, ветразі, барабан і купал царквы ацалелі. Сваю першапачатковую форму захавалі такія важныя для архітэктурнага аблічча элементы, як вокны сцен і барабана, крыжападобныя светлавыя праёмы ўверсе трох люнетаў рукавоў падкупальнага крыжа, у заходняй сцяне цалкам захавалася лесвіца, якая вядзе на хоры. Майстар-ювелір Лазар Богша зрабіў для прападобнай Еўфрасінні свой знакаміты крыж - неацэнны твор старажытнабеларускага мастацтва. Прападобная Еўфрасіння спрыяла стварэнню ўнікальных фрэскавых роспісаў Спаса-Праабражэнскага храма. Роспісы 12 ст. захаваліся амаль у поўным аб'ёме. Фрэскі маюць вялікую мастацкую каштоўнасць і сведчаць пра росквіт полацкага мастацтва ў сярэдзіне 12 ст. Як па архітэктурных, так і па мастацкіх якасцях Спаса-Праабражэнскі храм мае сусветнае значэнне не толькі для гісторыі мастацтва Беларусі, але наогул для гісторыі сусветнага мастацтва. Ансамбль манастыра фарміраваўся на працягу некалькіх стагоддзяў, будынкі, якія ў яго складзе, маюць характэрныя для свайго часу і стылю прыкметы.
Ансамбль Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ўключае: Спаса-Праабражэнскі храм, роспісы ў яго інтэр'еры, Свята-Еўфрасіннеўскі храм, Крыжаўзвіжанскі сабор, два келейныя карпусы, званіцу. Галоўная планіровачная вось манастыра вызначаецца званіцай з праезнай брамай і СпасаПраабражэнскім храмам.