Традыцыйны абрад "Куры" правялі ў Клічаўскім раёне
«Эй, куры, куры, не пейте рана!…» – раздавалася 13 студзеня па вуліцах Клічава. Гэта ўзорны фальклорны ансамбль «Купалачка» праводзіў дзіцячы калядны абрад «Куры» – адзіны, які захаваўся ў Беларусі.
Дарэчы, убачыць абрад «Куры» на Клічаўшчыне можна толькі раз у год, менавіта ў гэты дзень, і толькі да заходу сонца, а ўдзельнічаюць у ім выключна дзяўчаткі да 14 гадоў.
Кожны, стары ці малы, хто трапляўся ім па дарозе, усміхаліся, радаваліся і дзівіліся такой сустрэчы. Бо быццам сама мінуўшчына завітала ў наша мітуслівае сёння. Ды і сапраўды цуда! Дзяўчаткі ў самабытных нацыянальных строях, з каляднай зоркай і іконкай Божай Маці заходзілі ў двары клічаўлян, стукаліся ў вокны, спявалі гаспадарам традыцыйную абрадавую песню «Куры, куры». А тыя ў знак падзякі частавалі «куранят». Галоўны пачастунак – бліны, а пасля ўжо па жаданні салодкасці, каўбасы, сала і іншае.
Дарэчы, у 2013 годзе ўнікальны дзіцячы калядны абрад «Куры» Клічаўскага раёна ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь 53БЛ000102.
Як расказала нязменны кіраўнік узорнага фальклорнага калектыву «Купалачка» ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў г. Клічава» Наталля КОКТЫШ, старажытны абрад «Куры» бытуе ў населеных пунктах нашага краю. Запісаны ён ад мясцовых носьбітаў фальклору пад час краязнаўчых экспедыцый. Яшчэ перад вайной жыхары вёсак Орліна, Віркаў, Нясяцкай зямлі, Дзмітраўкі хадзілі калядаваць. Дзеці «куры» не апраналіся ў казу ці мядзведзя, а былі ў прыгожых нацыянальных строях, хустках, з кошыкам, заходзілі ў двары аднавяскоўцаў і пелі гаспадарам святочныя песні.
– Абрад «Куры» перадаём сённяшнім дзецям, а значыць ён жыве і будзе жыць надалей. Наша задача – у наш век цыфравізацыі, калі ўсё даступна, у моладзевым асяродку пануе свая сучасная мода, захаваць беларускую нацыяльную культуру, прыгажосць нашых абрадаў і традыцый, нашых этнаграфічных строяў. У іх нашы дзяўчаткі – такія ж прыгажуні, як некалі і іх юныя прабабулі. Дарэчы, касцюмы калектыву – гэта ручная работа, цудоўная багатая вышыўка на іх зроблена рукамі мясцовых майстрых, удзельніц «Купалачкі», якія ўжо сталі дарослымі, рукамі іх маці. І важна тое, што цяперашнім юным артыстам калектыву ўсё гэта сапраўды вельмі падабаецца, гэта ўжо іх неад’емная частка. Таму спадчыне нашых продкаў – жыць! – адзначыла Наталля Коктыш.