
Нашыя продкі ведалі, што спачатку жніва трэба дамовіцца з зямлёй-матухнай і падзякаваць ёй за падораны ўраджай. Таму першы сноп не малацілі, а заўсёды захоўвалі да канца малацьбы.
У полі выйшлі жнейкі, удзельніцы калектываў аматарскай творчасці Касцюковіцкага раёна, сярпамі зрэзалі першыя каласы і акуратна звязалі іх у сноп, які з добрымі пажаданнямі і надзеяй на добры ўраджай уручылі галоўнаму гаспадару палёў – Аляксандру Амельчанку. Аляксандр Барысавіч падкінуў сноп уверх, злавіў яго, загадаўшы добры намалот, здароўя хлебаробам, і каб тэхніка не падводзіла.
Так 7 ліпеня на адным з палёў КСУП «Парыжская Слабада» адбылося свята першага снапа – традыцыйны абрад Зажынкі, які даў афіцыйны старт уборачнай кампаніі ў раёне.
Музычныя нумары прагучалі ў выкананні ансамбля "Белая Дуброва" і салістаў раённага Цэнтра культуры.