У Смаргонскім музеі адкрылася выстава “Археалагічныя адкрыцці Крэва”
У Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі дэманструецца выстава “Археалагічныя адкрыцці Крэва: Знаходкі з замку, гарадзішча і мястэчка”, падрыхтваная сумесна з Інстытутам гісторыі НАН Беларусі. Як адзначыў вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Алег Дзярновіч, на выставе прадстаўлены знойдзеныя археолагамі артэфакты з розных аб’ектаў на тэрыторыі Крэва. Экспанаты прадстаўлены ў трох групах.
На выставе дэманструецца архітэктурна-будаўнічая кераміка замка, у тым ліку складанапрафіляваная цэгла нэрвюраў скляпенняў Княжацкай вежы і новаадкрытай Трэцяй вежы. Тут таксама прадстаўлены інструменты будаўнікоў Крэўскага замку XIV ст. — кельмы крэўскіх майстроў.
Багаты набор артэфактаў з Крэўскага гарадзішча рэпрэзентуе рамёствы і элітарную культуру жыхароў гэтага паселішча раннеўрбаністычнага тыпу ХІІІ — пачатку XIV стст. Прыцягвае ўвагу фрагмент прасліца, вырабленай з оўручскага шыферу — на ім можна разглядзець наяўнасць паўсцёртага надпісу. Упершыню ў музейнай прасторы выстаўлена накладка з Ліможскімі эмалямі пачатку ХІІІ ст. Такая знаходка — вельмі рэдкая ва ўсёй Усходняй Еўропе.
У 2024–2025 гг. у Крэва была знойдзена ганчарная майстэрня XVII cт. Вырабы і нарыхтоўцы майстры прадстаўлены на выставе. Увагу прыцягваюць традыцыйныя крэўскія свісцёлкі, вядомыя пад назваю “кукуці”. Археолагі знайшлі вырабы сярэдзіны XVII cт., але падобныя былі свісцёлкі-кукуці вядомыя ў Крэва і ў ХХ ст. Свісцёлкі вырабляліся як у выглядзе птушачак, так і вершнікаў на конях.
Упершыню на выставе прадстаўлены таксама арабскія дзірхамы Х ст. знойдзеныя ў ваколіцах Крэва. Гэтую калекцыю манет можна лічыць трэцім Ракавецкім скарбам.
Выстава ў Смаргонскім музеі будзе адчынена да канца жніўня 2026 г
Крыніца: https://history.by/