Урачыстае мерапрыемства з нагоды ўключэння Неглюбскай тэкстыльнай традыцыі ў Спіс ЮНЕСКА адбылося ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі
29 снежня 2025 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Неглюбская тэкстыльная традыцыя Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці” і ўрачыстая цырымонія ўручэння сертыфіката аб уключэнні дадзенага элеменіа ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, якая патрабуе тэрміновай аховы.
Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны (ЮНЕСКА) падчас 20-й сесіі (г.Нью-Дэлі, Індыя) 9 снежня 2025 г. прыняў рашэнне аб уключэнні элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Неглюбская тэкстыльная традыцыя Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці» ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, якая патрабуе тэрміновай аховы.
З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў звярнуліся намеснік міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Ігар Сакрэта ад імя старшыні Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вадзім Гігін, дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Наталля Сафрановіч.
Неглюбская традыцыя ўяўляе ўнікальную з’яву беларускай народнай культуры, якая захавала архаічныя рысы і складаную сімволіку. Яна сфарміравалася ў XVII стагоддзі, ахоплівае стварэнне ручнікоў, прадметаў адзення і інтэр’еру з выкарыстаннем самабытных тэхнік ткацтва і вышыўкі. Сэрца гэтай традыцыі – знакамітыя неглюбскія ручнікі, якія ткуцца з вываратнага боку, адрозніваюцца складанай паліхромнай гамай (да 25 адценняў) і багатай арнаментальнай спадчынай, што робіць кожны выраб непаўторным.
Ганаровыя госці падкрэслілі значнасць гэтага дасягнення для міжнароднага культурнага дыялогу і іміджу Беларусі, адзначылі, што ўключэнне неглюбскай традыцыі ў Спіс ЮНЕСКА – гэта вынік карпатлівай сумеснай працы майстроў, экспертаў і дзяржаўных інстытутаў, а таксама магутны імпульс для далейшай папулярызацыі беларускай спадчыны.
Са словамі віншавання і глыбокай асабістай датычнасці выступіў першы намеснік Генеральнага сакратара Садружнасці Незалежных Дзяржаў Ігар Петрышэнка. Ураджэнец вёскі Неглюбка, ён падкрэсліў, што сусветнае прызнанне традыцыі – гонар для ўсёй Беларусі і яркі прыклад захавання ўнікальнага культурнага кода.
З ацэнкай значнасці неглюбскай традыцыі выступіла старшы навуковы супрацоўнік аддзела фальклору і культуры славянскіх народаў Інстытута гісторыі мастацтваў, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ірына Смірнова. Майстар Неглюбскага цэнтра ткацтва Веткаўскага цэнтра культуры і народнага мастацтва Людміла Кавалёва падзялілася гісторыямі аб глыбокай сімволіцы рамяства і намаганнях па перадачы навыкаў маладым пакаленням.
У рамках прэзентацыі адбылася цырымонія ўручэння сертыфіката аб уключэнні неглюбскай тэкстыльнай традыцыі ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
Урачыстасць дапоўніла выступленне ансамбля народнай песні “Горліца” Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, які выканаў песні палескага рэгіёна – калыскі неглюбскай традыцыі.
Госці змаглі азнаёміцца з тэматычнай экспазіцыяй, якая дэманстравала багацце арнаментаў, складаную паліхромію і вытанчанасць тэхнік неглюбскага ткацтва.
Уключэнне Неглюбскай тэкстыльнай традыцыі ў Спіс ЮНЕСКА – гэта гарантыя таго, што ўнікальнае майстэрства, якое перадавалася з пакалення ў пакаленне ў вёсцы Неглюбка, будзе захавана, вывучана і працягне жыць, узбагачаючы сусветную скарбніцу нематэрыяльнай культуры.
https://www.nlb.by/by/news/nacyjanalnaja-biblijatjeka/neglyubskaya-tekstylnaya-tradytsyya-prezentavana-bibliyatetsy/