
У экспазіцыі будуць прадстаўлены больш за 50 работ майстроў па саломапляценні і выцінанцы, якія адлюстроўваюць унутраны свет, жыццёвыя інтарэсы, уласцівыя большасці простых людзей. Гэта абрады і вераванні, прыродныя і жыццёвыя цыклы, любоў да блізкіх, вера ў светлую будучыню, шанаванне мінулых пакаленняў. З унутранага свету кожнага складаецца тое агульнае ўяўленне пра густы, магчымасці, інтарэсы пэўнай групы людзей, што ідэнтыфікуе яе як нацыю, якая мае сваю культуру і традыцыі
Саломапляценне - адно з самых старажытных рамёстваў у Беларусі.
Розныя фігуры з саломкі - гэта не проста цацкі, гэта сімвалы бажаства, памочнікі і абаронцы. Беларускія вырабы з саломы не маюць аналагаў у свеце, з'яўляюцца адной з найбольш нацыянальна адметных формаў выяўлення духоўных каштоўнасцей і мастацкіх традыцый беларусаў.
Таксама наведвальнікі змогуць азнаёміцца з мастацтвам выцінанкі, якое з'яўляецца асобным кірункам у народнай творчасці.
Работы, прадстаўленыя на выстаўке вельмі разнастайныя па выбары сюжэтаў і матываў, і, нягледзячы на абмежаванне ў колеры, аплікацыі выразныя і прыгожыя.
Беларускае саломапляценне і выцінанка ўнесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА і з'яўляюцца гонарам і адметнай асаблівасцю нашай нацыянальнай культуры. Сёння важна не толькі не страціць і захаваць гэту спадчыну, але і развіваць, інтэграваць у сучаснае жыццё, узбагачаючы нашу культуру.
У выставе прымуць удзел мастакі народных рамёстваў г. Мінска.
Выстава арганізавана упраўленнем культуры Мінгарвыканкама, ДУ «Мінскканцэрт» у супрацоўніцтве з ГА «Беларускі саюз майстроў народнай творчасці», пры падтрымцы кафедры ДПМ Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў і мастацкай галерэі «Універсітэт культуры».
Выстава "Зямныя Мары" будзе чакаць наведвальнікаў да 5 красавіка
Адрас галерэі: Кастрычніцкая плошча, 1 (Палац Рэспублікі)
Тэл. (017) 259-46-12
11:00-19:00, аўторак-субота
Уваход вольны