Лямус быў пабудаваны ў 1769 г. У айчыннай літаратуры ў якасці даты пабудовы звычайна падаецца XVII ст.
Будынак драўляны, размешчаны ў паўднёва-ўсходняй частцы тэрыторыі кляштара. Пабудаваны цалкам з дрэва, без выкарыстання жалезных цвікоў. Двухпавярховы прамавугольны ў плане аб'ём з вальмавым гонтавым дахам. Пабудаваны з масiўных драўляных брусоў на бутавым фундаменце. Усе канструкцыйныя элементы звязаны ўрубкамі і драўлянымі клінамі. Галоўны фасад аздоблены двух'яруснай арачнай галерэяй. Матыў аркады ствараюць слупы з падкосамі. Ніжнія плоскасці падкосаў і бэлек над імі складаюць суцэльныя паўцыркульныя праёмы. Спалучаў у сабе функцыі гаспадарчай і жылой пабудовы. 1-ы паверх выкарыстоўваўся як складское памяшканне, на 2-ім - жылі манахіні.
Сёння ў будынку лямуса працуе музей быта, уваход у яго бясплатны.
Па матэрыялах пашпарта на гісторыка-культурную каштоўнасць "Ансамбль былога кляштара брыгітак: лямус"