Шыфр
112Г000345
Дадзеная каштоўнасць мае ў комплексе некалькі аб'ектаў.
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
сяр. ХІХ ст.
Апісанне
Найбольш раннія звесткі аб маёнтку адносяцца да 15 ст. Дакладных звестак аб заснаванні сядзібы ў пісьмовых крыніцах не маецца. Прынята лічыць, што яна закладзена Пузынамі ў другой палове 19 ст. На думку А.Т. Федарука, больш праўдападобна, што яе заснавалі ў сярэдзіне 19 ст. Віслоцкія. Палацава-паркавы ансамбль размешчаны ў маляўнічым месцы побач з вёскай Грымяча на пагорку ў выгіне ракі Пульвы. Ансамбль сядзібы складаецца з мураванага палаца, невялікага пейзажнага парку, двух гаспадарчых пабудоў з цэглы і бутавага каменю. Будынак палаца вырашаны ў стылі класіцызму. Ён мае сіметрычную аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю, у плане прамавугольны з бакавымі рызалітамі на галоўным і тыльным фасадах. Галоўны фасад у цэнтры вылучаны чатырохкалонным значнага вынасу порцікам дарычнага ордэра з трохвугольным франтонам. На тыльным (паркавым) фасадзе яму адпавядае цэнтральны рызаліт, таксама завершаны трохвугольным франтонам. Перад рызалітам шырокі ганак з тэрасай. Бакавыя рызаліты дэкарыраваны філянговымі пілястрамі і завершаны атыкавай сценкай. Аконныя праёмы дэкарыраваны ліштвамі, простымі сандрыкамі і падаконнымі філёнгамі.Вонкавыя сцены маюць круглыя медальёны і вісячыя гірлянды. Будынак узведзены на высокім падмурку, мае паўпадвальны паверх. Унутраная планіроўка палаца анфіладная. Палац абкружае параўнальна невялікі парк, плошчай каля 5 га. Займае частку схілу пагорка да р.Пульвы. Дарога да сядзібнага дома ішла па восі будынка. Перад домам размешчаны вялікі партэр з кругам і клумбай у цэнтры. Сіметрычна палацу растуць 2 лістоўніцы еўрапейскія. Другую, таксама сіметрычна размешчаную пару салітэраў стваралі сосны веймутавы (не захаваліся). У выглядзе бакавых куліс прастора фланкіравана купамі дрэў мясцовых парод (клён, ліпа, конскі каштан, белая акацыя). За паркавым партэрам размешчана пейзажная частка парку. Яна займае пагорак, з якога адкрываюцца перспектывы на маляўнічае наваколле і раку Пульву. З паўднёвага боку партэр быў адкрыты ў бок саду. Паўтараючы форму пагорка, каля яго падножжа праходзіла алея з грабу. Ад былых кампазіцый цяпер захаваліся адзінкавыя дрэвы і невялікія групы (дуб, граб, елка). У салітэрах, невялікіх дрэвавых групах выкарыстоўваліся экзатычныя віды. Захаваліся адзінкавыя дрэвы ясеню звычайнага ніцага, лістоўніцы, шаўкоўніцы і інш .Вядома, што ў сярэдзіне 19 ст. у маёнтку меўся гаспадарчы двор, дзейнічалі кузня, два заезныя двары, млынок, вадзяны і ветраны млыны, вінакурня. Па вызначэнні А.Т. Федарука, да нашага часу захаваліся ў паўразбураным стане сыраварня (14х7 м), лядоўня (7х7 м), перабудаваны свіран (14х7м). Гаспадарчыя пабудовы датуюцца пачаткам 20 ст. Сыраварня пабудавана з цэглы, была накрыта дахоўкай, лядоўня і свіран -- з каменя.