6 жніўня 1517 г. ў Празе выйшла ў свет Біблія на старабеларускай мове – “Псалтыр”, якую выдаў Францыск Скарына з Полацка. Менавіта гэтая дата лічыцца днём нараджэння беларускага кнігадрукавання.
Біблія Францыска Скарыны стала першай друкаванай кнігай для ўсходніх славян. Яна выйшла раней, чым англійскія і французскія пераклады. Гэта быў навуковы, духоўны і адукацыйны прарыў.
Пасля выхаду "Псалтыра" амаль кожны месяц выдаваліся ўсё новыя і новыя тамы Бібліі: Кніга Ёва, прыпавесці Саламона, Эклезіяст. На працягу 1517-1519 гадоў у Празе Францыск Скарына выпусціў у свет звыш 20 ілюстраваных біблейскіх кніг.
Усяго ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі захоўваецца 10 старазапаветных кніг, выдадзеных Францыскам Скарынам. Што тычыцца Псалтыра, то ў свеце ўлічана ўсяго 2 экзэмпляры, яны захоўваюцца ў Расійскай Нацыянальнай бібліятэцы (Санкт-Пецярбург) і ў Дзяржаўным гістарычным музеі (Масква).