зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Фестываль-кірмаш "Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня" запрашае 27 красавіка наведаць Гродна

Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня прадставяць умельцы вобласці на аднаіменным фестывалі-кірмашы народных рамёстваў 27 красавіка ў Гродна

Святочныя кірмашы на Гродзеншчыне спрадвеку ладзяць па дзвюх прычынах. Першая – напярэдадні вялікай падзеі на кожны тавар хутка знаходзіцца свой пакупнік. Другая – перад святам як гандлярам, так і спажыўцам хочацца і на людзей паглядзець, і сябе паказаць. Ды і дзе яшчэ, як не на кірмашы, задарма і ў неабмежаваным памеры раздаюць пазітыўны настрой і незабыўныя ўражанні! На сёлетнім свяце ў гістарычным цэнтры Гродна на пляцоўцы каля Маладзёвага цэнтра “Гродна” (вул. Савецкая, 9) можна будзе і душой адпачыць, і ўсебакова падрыхтавацца да Вербніцы ды Светлага Хрыстова Уваскрэсення. Велікодныя паштоўкі, саламяныя кошыкі, сурвэткі са святочнай сімволікай, традыцыйнае печыва – лепшыя ўмельцы Гродзеншчыны прывязуць у абласны цэнтр мноства непаўторных, адзіных у сваім родзе вырабаў. 

Пачэснымі ўдзельнікамі кірмашу стануць носьбіты нематэрыяльнай культурнай спадчыны вобласці, чыя творчасць унесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцеў Рэспублікі Беларусь. Элементы з ганаровым статусам стануць і цэнтрам прыцягнення ўсеагульнай увагі. Унікальныя яйкі-пісанкі, адметныя гродзенскія вербы, тканыя паясы, выцінанкі, саламяныя вырабы — да выканання розных рукатворных цудаў кожны ахвочы зможа далучыцца на майстар-класах, якія захавальнікі традыцый праводзяць з вялікім задавальненнем. На галоўнай пляцоўцы лепшыя аматарскія калектывы падзеляцца з гледачамі сваім выканальніцкім майстэрствам, добрым настроем і натхненнем. Гэта народны фальклорны гурт “Талер” ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”, народны фальклорны гурт “Жывіца” ДУК “Гродзенскі раённы культурна-інфармацыйны цэнтр”, народны фальклорны калектыў  “Чараўніцы-каравайніцы” ДУК “Слонімскі раённы цэнтр культуры, народнай творчасці і рамёстваў” і іншыя.

Інфармацыя прадастаўлена ДУК "Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці"