Тэкстыльныя традыцыі в. Неглюбка і навакольных пасёлкаў – унікальная з’ява беларускай народнай творчасці: амаль паўстагоддзя знакамітыя неглюбскія ручнікі з’яўляюцца візітнай карткай Беларусі. Багацце і разнастайнасць тэхнік ткацтва і вышыўкі, складаная паліхромія, вялікі арнаментальны фонд з’яўляюцца асноўнымі прыкметамі элемента. У ткацтве выкарыстоўваюцца браная (аднаўточнае і двухуточнае), пераборная (перабор “пад палатно”, двухбаковы і аднабаковы перабор), выбарная, закладная і шматнітовая тэхнікі. У вышыўцы шырока распаўсюджаны набор, крыжык, лікавая і адвольная гладдзь, «строчка па выразах», тамбурны шоў, двухбаковы шоў-“роспіс”. Апроч таго, шырока выкарыстоўваюцца складаныя злучальныя швы (“неглюбская мярэжка”) і тэкстыльнае пляценне. Неглюбскія ручнікі выконваюцца ў бела-чырвонай, бела-чырвона-чорнай гаме, а таксама маюць складаную паліхромію (да 25 колераў і адценняў у адным вырабе). Тканыя ручнікі вылучаюцца багаццем арнаментыкі: люстэркава-сіметрычнае размяшчэнне арнаментаў (на кожным канцы 3-9 узорных арнаментаваных палос), выкарыстанне некалькі дзясяткаў відаў складаных геаметрычных і раслінных арнаментаў, аздабленне канцоў ручнікоў пяцельнымі махрамі з чырвоных, белых, чорных нітак. Высокімі мастацкімі якасцямі, адметнай паліхроміяй і складанасцю арнаментацыі вызначаюцца шматлікія вырабы мясцовых майстрых: шматкаляровыя посцілкі, настольнікі, фіранкі, накутнікі і іншыя прадметы інтэр’ера. Неглюбскі строй – адзін з найбольш архаічных і складаных строяў беларускага народнага адзення (старадаўні панёўны комплекс), у якім гарманічна спалучаюцца белая арнаментаваная сарочка, дробнаклятчастая панёва-плахта, суконны фартух, нагрудны фартух (“запіна”), шырокі чырвоны пояс, узорная тканая хустка. Пры стварэнні традыцыйнага касцюма сёння выкарыстоўваюцца практычна ўсе пералічаныя вышэй тэхнікі ткацтва і вышыўкі. Сучасныя майстры ажыццяўляюць перадачу характэрных для неглюбскай традыцыі тэхналогій праз навучанне ў гуртках, арганізаваных пры Неглюбскім сельскім цэнтры ткацтва, у гуртку “Юныя ткачыхі” Неглюбскай СШ, гуртку ткацтва Веткаўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
Мастацтва выцінанкі ўзнікла ў Старажытным Кітаі і звязана з вынаходствам паперы. У познім Сярэднявеччы выцінанка трапляе праз Блізкі Усход у Еўропу і ў XVIII–XIX стагоддзях пашыраецца амаль на ўсёй яе тэрыторыі, у тым ліку і ў Беларусі – спачатку ў шляхецкім, гарадскім, пазней – у сялянскім асяроддзі. Распаўсюджванне выцінанкі ў традыцыйным народным побыце было абумоўлена двума асноўнымі фактарамі: адноснай даступнасцю паперы і зменамі ў характары інтэр'ера традыцыйнага жылля беларусаў. Выцінанка - гэта тэхніка выразання з белай, чорнай або каляровай паперы, у выніку якой атрымліваюцца ўзорыстыя дэкаратыўныя вырабы.
Сёння выцінанка выйшла на прафесійны ўзровень і можа ўражваць сваімі выяўленчымі якасцямі, гульнёй сіметрыі, глыбокім зместам, шматузроўневым раскрыццём сэнсаў, гучаннем візуальных пульсавалых рытмаў, патокаў і віхур.
Мастацтва выцінанкі фарміруе пачуццё ідэнтычнасці, выконвае функцыю трансляцыі традыцый, праз тэматычныя вобразы і сюжэты, прымеркаваныя да свят народнага і царкоўнага календара, садзейнічае павазе да культурнай разнастайнасці творчасці чалавека, з'яўляецца своеасаблівым асобным напрамкам мастацтва.
