13/00–17/00, 5 кастрычніка 2024, Этнаграфічны комплекс “Млын”, Заслаўе
Сонца ўжо на зіму пайшло… Пакровы хутка — зямлю снегам пакрые ды год завершыцца.
Збожжа з палетак прыбранае. Адно што палоска жыта засталася — недажалі барады… Да Пакроваў трэ’ паспець дажаць!
З таго астатняга жыта дый Сноп-Бабу паставім — каб на полі ўроду было налета, каб усё добра, па-боску, па-наску сталася. Скакаць будзем, музыку граць ды адно аднаму радавацца. Нават з далёкага Палесся завітаюць да нас музыкі — будзе свята сапраўдным. Дый жа на мясцовых музыкаў мы не забыліся.
Кірмаш зладзім! А на кірмаш наш заслаўскі рамеснікі местачковыя ды з ваколіц збяруцца. Ды што там з ваколіц — з усёй Беларусі — з Горадні, Салігорску, Фаніпалі… Без пакункаў ніхто не пойдзе дадому!
А які ж местачковы кірмаш без вясёлых забавак?! І батлейка ж, вядома, будзе — усе малечы радаснымі ўсмешкамі напоўняць такі файны ды фантастмагарычны лялечны тэатр. А ’шчэ ж гульні будуць — і для малых, і для больш сталых — усіх абдымуць ды ахінуць пяшчотай весялосці нашыя сябры з інтэлектуальнымі забаўкамі.
А для дарослых сапраўдныя навукоўцы і лекцыі пра гісторыю ды традыцыі беларускія прачытаюць.
І пра саломку ж не забыліся — якое свята саламянага санцакругу без яе?.. Будзе! Будуць выставы — і з саломкі сонечнай, і з тканак мастацкіх, — пагледзямо! І майстры саламянай справы будуць, і майстар-класы.
Усім будзе асалода на нашым свяце! Нават унучка Якуба Коласа завітае — за філіжанкай духмянай гарбаты з заслаўскіх зёлак прыгадае жыццё свайго дзеда ды распавядзе незвычайныя цікавосткі пра яго.
А як дажнём жыта ды Пакровы адзначым, то’й вячоркі пачнём — танцы, скокі па хатах, варажыць будзем трошку ды на вяселлі рыхтавацца… Але тое ўжо пасля Пакроваў будзе…
Партнёрамі і ўдзельнікамі фэсту ў гэтым годзе выступаюць Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, навуковыя супрацоўнікі Інстытута гісторыі і Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Беларускі саюз майстроў народнай творчасці
Цягам усяго фэсту працуюць выставачныя пляцоўкі з вырабамі з саломкі
Усе ахвотныя могуць набыць рамесніцкія вырабы на рамесным падворку