У Крэўскім замку знайшлі прыступкі, якія вядуць у вязніцу Кейстута
Першы каменны замак Вялікага Княства Літоўскага працягваюць даследаваць беларускія археолагі
Падчас раскопак у Княжацкай вежы Крэўскага замка знайшлі прыступкі, якія вядуць у вязніцу, дзе ўтрымліваўся вялікі князь Кейстут, паведаміў вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Алег Дзярновіч.
У цяперашні час у Крэўскім замку вядуцца работы па расчыстцы сутарэнняў Княжацкай вежы. Менавіта тут быў забіты вялікі князь Кейстут у XIV стагоддзі.
Работы па расчыстцы завалаў у вежы ідуць пры дапамозе канвеера, на якім усе абломкі старанна перабіраюць спецыялісты. У гэтых абломках ўтрымліваюцца фрагменты размаляванай тынкоўкі сцен, якія спатрэбяцца для рэстаўрацыі ўнутранага ўбранства памяшканняў у будучыні.
"Паглыбляючыся паступова ў завал, мы перайшлі да тунэлю, які праходзіў у вежы і звязваў паміж сабой ярусы будынка. Ён быў зафіксаваны на фотаздымках, зробленых падчас Першай сусветнай вайны. На жаль, тунэлі ў вежы былі разбураныя, і толькі ў самым нізе на ўзроўні цокаля пад заваламі захаваўся тунэль", - распавёў археолаг.
Паводле яго слоў, падчас раскопак і раней трапляліся сляды прыступак на ўзроўні пераходу на другі ярус. Цяпер падчас разборкі завалу ўдалося знайсці цэлымі чатыры прыступкі. Магчыма, іх будзе і больш, але пакуль паглыбляцца ў раскоп не сталі, таму што стан гатычнай аркі на ўваходзе досыць трывожны.
Знойдзеныя аўтэнтычныя канструкцыі прыступак XIV стагоддзя ўяўляюць гістарычную і культурную каштоўнасць. Акрамя гэтага, яны нясуць дакладную інжынерную інфармацыю.
"Вышыня прыступак складае 23-24 см, шырыня тунэлю 114 см. Гэта сціснутая прастора, але для цокальнага паверха сярэднявечнага фартыфікацыйнага збудавання ў цэлым гэта было нармальна», – канстатаваў навуковец.
Алег Дзярновіч нагадаў, што па праекце кансервацыі і рэстаўрацыі Крэўскага замка ўсе сцены цвярдыні будуць закансерваваны, але Княжацкая вежа будзе рэканструявана.
«У дадзеным выпадку мы маем не тэарэтычна падлічаны крок прыступак, а абсалютна дакладныя і вывераныя параметры канструкцыі ў тунэлі. Гэта, натуральна, будзе ўлічана падчас далейшай рэстаўрацыі», – канстатаваў ён.
Крэўскі замак перажывае чарговы этап рэстаўрацыі і археалагічных даследаванняў. Археолаг анансаваў планы выкарыстоўваць штучны інтэлект для апрацоўкі і алічбоўкі фрагментаў роспісу і фрэсак.
Крыніца: https://times.by/