зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Навіна

У Жлобіне знойдзена самая старажытная стаянка першабытных людзей

А. Пішчала з нівелірнай рэйкай у момант "прывязкі" вышыні раскопу стаянкі "Жлобін 5" да адзінай сістэмы вышынь.
 Крэмневая прылада, знойдзеная на стаянцы "Жлобін 5" (пад'ёмны матэрыял з дарогі).
Крэмневыя артэфакты і кераміка са стаянкі "Жлобін 5".
Раскопкі стаянкі "Жлобін 5". Верасень 2026 г.

Археалагічная экспедыцыя Інстытута гісторыі НАН Беларусі па вывучэнні помнікаў каменнага веку ў ходзе правядзення археалагічнай разведкі на паўночна-ўсходняй ускраіне г. Жлобіна адкрыла новы помнік археалогіі - стаянку фінальнага палеаліту і мезаліту, які атрымаў назву «Жлобін 5». 

Кіраўнік экспедыцыі навуковы работнік аддзела археалогіі першабытнага грамадства названай навуковай установы Алег Вараненка распавёў: - Да адкрыцця археалагічнага помніка “Жлобін 5” самай старажытнай стаянкай першабытных людзей на тэрыторыі г.Жлобіна была стаянка "Жлобін 4", датаваная мезалітам (10-8 тыс. гадоў таму). Цяпер жа можна сцвярджаць, што нага першага чалавека тут уступіла ў перыяд фінальнага палеаліту, г.зн. не пазней 11-10 тыс. гадоў таму. Гэта былі качавыя плямёны паляўнічых на паўночнага аленя свідэрскай археалагічнай культуры.

Алег Васільевіч таксама паведаміў, што на пачатку археалагічных раскопак на месцы стаянкі «Жлобін 5» была выяўлена калекцыя артэфактаў, якія сведчаць аб неаднаразовым засяленні даследуемага ўчастка. Гэта - ударныя пласціны са злёгку выгнутым профілем і слядамі негатываў ад сустрэчнага сколвання, якія адносяцца да першага этапу засялення – 11-10 тыс. Другі этап засялення - перыяд мезаліту (10-8 тыс.гадоў таму) – прадстаўлены мікраўкладышам (састаўное паляўнічая ўзбраенне), пласцінамі, пласціністымі адшчэпамі, медыяльнымі, дыстальнымі і праксімальным фрагментамі пласцін, сячэннем пласціны. У гэты час на змену паляўнічым на паўночнага аленя прыходзяць плямёны першых паляўнічых лясной зоны. Трэці этап, датаваны жалезным векам (VII стагоддзе да н.э. – канец V стагоддзя н. э.), прадстаўлены фрагментам ляпной сценкі пасудзіны. А самыя познія сляды знаходжання чалавека на дадзенай стаянцы адносяцца да эпохі Кіеўскай Русі (IX-XII / XIII стагоддзя н. э.)і  прадстаўлены фрагментамі ганчарнай керамікі.

- Пераследуючы вандроўныя статкі паўночнага аленя, "жлобінскія першапраходцы" сяліліся па берагах рэк і азёр невялікімі групамі (па 10-25 чалавек), утвараючы сезонныя (часовыя) стаянкі, – працягвае Алег Вараненка. - Іх жыллё было акруглым, нагадвала сучасныя «чумы», заглыбленыя ў зямлю, з ачагом пасярэдзіне. Прылады працы вырабляліся на тэрыторыі стаянкі з мясцовага крэменю, які залягаў у агаленнях берагоў Дняпра (наканечнікі стрэл, скрабкі, разцы і інш.). Там жа апрацоўваліся прадукты палявання - мяса (разцы, нажы) і шкуры (скрабкі, праколкі). Акрамя гэтага актыўна вялася апрацоўка дрэва і рагоў. Услед за аленямі за сезон тагачасныя паляўнічыя («свідэрцы») маглі праходзіць да 800 км.

Археалагічныя даследаванні на тэрыторыі Жлобіна і Жлобінскага раёна плануецца працягнуць да лістапада. У экспедыцыі таксама ўдзельнічаюць малодшы навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі Павел Яцін, валанцёры – муж і жонка са Жлобіна Аляксандр і Святлана Пішчала (Аляксандр – актыўны член Жлобінскага клуба “Краязнаўца”) і мінчанін Антон Шчыпайла.

Мікалай Шуканаў 

Жлобінская раённая газета “Новы дзень”

Фота прадстаўлена ўдзельнікамі экспедыцыі.

Крыніца: https://ndsmi.by/