зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Навіна

Урачыстасці ў гонар Маці Божай Будслаўскай пройдуць з 2 па 4 ліпеня

"Будслаўскі фэст" 63Б0000107 з'яўляецца элементам нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. 28 лістапада 2018 г. Міжурадавы Камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў ходзе 13-й сесіі (г. Порт-Луі, Маўрыкій) аднагалосна прыняў рашэнне аб уключэнні беларускага элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны " Урачыстасць у гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай" (Будслаўскі фэст) у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Плануецца, што сёлетні Будслаўскі фэст 63Б0000107 у Нацыянальным марыйным санктуарыі распачнецца на наступны дзень пасля традыцыйнай парафіяльнай урачыстасці. Такім чынам, урачыстасці ў гонар Маці Божай Будслаўскай пройдуць з 2 па 4 ліпеня пад дэвізам: «Богу хвала — Марыі давер — Касцёлу вернасць».

У гэтым годзе адзначаецца 35-годдзе аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Таму галоўным дэвізам на ўрачыстасці ў Будславе былі абраныя словы: «Богу хвала — Марыі давер — Касцёлу вернасць», якія з'яўляюцца адлюстраваннем мэты сёлетняга святкавання: годна праславіць Бога, дзякуючы Яму за дар адраджэння Касцёла, аддаць пад асаблівую апеку Маці Божай сябе і сваіх блізкіх і выразіць гатоўнасць трываць у веры і супольнасці Касцёла да канца жыцця.

Таксама ў аб'яўленым у Касцёле Годзе святога Францішка праграма ўключае ў сябе разважанні і малітвы праз заступніцтва гэтага святога.

Падчас урачыстасцяў у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе адбудзецца прысвячэнне Мінска-Магілёўскай мітраполіі, гэта значыць Касцёла ў Беларусі, Найдаражэйшай Крыві Хрыста.

Да гэтай падзеі вернікі рыхтаваліся праз 9 дзён Агульнабеларускай навэнны «Найдаражэйшая Кроў Хрыста, умацуй нас!».

Праграма фэсту

2 ліпеня (чацвер)  парафіяльная ўрачыстасць

  • 12.00  святая Імша з удзелам Мінскага катэдральнага капітула,
  • 18.00  святая Імша.

3 ліпеня (пятніца)

  • 14.00-17.00 сустрэча і прывітанне пілігрымаў,
  • 18.00  святая Імша з удзелам пілігрымаў,
  • 20.00  Акафіст у выкананні хору Грэка-каталіцкай Царквы,
  • 20.30  Марыйныя нешпары,
  • 21.00  Крыжовы шлях,
  • 22.00  Моладзевая праграма: «Моладзь да моладзі са святым Францішкам Асізскім»,
  • 23.30  Працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай.
     

4 ліпеня (субота)

  • 0.00  святая Імша,
  • 2.00  адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту,
  • 6.00  Боская літургія Грэка-каталіцкай Царквы пры галоўным алтары святыні,
  • 7.00  Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі,
  • 8.00  святая Імша ў базыліцы,
  • 9.00  Фацімскі ружанец,
  • 9.45  Прэзентацыя першага агульнабеларускага афіцыйнага каталіцкага спеўніка «Божа, мы Цябе ўслаўляем» — дар Касцёлу да 35-годдзя аднаўлення яго структур,
  • 10.30  аднаўленне сужэнскіх абяцанняў з нагоды 35-годдзя шлюбу (1991 год),
  • 11.30  святая Імша,
  • Акт прысвячэння Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста Мінска-Магілёўскай мітраполіі,
  • Эўхарыстычная працэсія.

На працягу ўсяго фэсту будзе магчымасць ушанавання вернікамі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай і малітвы перад ім.