Шыфр
110Г000004
Дадзеная каштоўнасць мае ў комплексе некалькі аб'ектаў.
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1971 г.
Стыль
савецкая архітэктура
Апісанне
У канцы 18 ст. з мэтай умацавання заходніх межаў Расіі царскі ўрад прыняў рашэнне аб будаўніцтве крэпасці на месцы г. Брэст-Літоўска. Выбар месца для будаўніцтва крэпасці быў абумоўлены важным ваенна-стратэгічным размяшчэннем горада. Ён знаходзіўся на Днепра-Бугскім канале і самай кароткай дарозе з Варшавы ў Маскву. Гэта крэпасць павінна была стаць адной з 9 крэпасцей, якія меркавалася пабудаваць на заходняй мяжы Расійскай імперыі. 23 красавіка быў канчаткова зацверджаны план доўгачасовай фартыфікацыі. 1 чэрвеня 1836 г. ва ўрачыстай абстаноўцы Галоўнакамандуючым дзеючай арміі фельдмаршалам Паскевічам графам Эрыванскім, святлейшым князем Варшаўскім была закладзена абарончая казарма ў Цытадэлі - цэнтральным востраве крэпасці. Па старой традыцыі ў падмуркі будучай казармы была ўмуравана закладная бронзавая дошка ў гонар імператара Расіі Мікалая Паўлавіча і куфэрак з 21 манетай, сярод якіх былі і плацінавы трохрублёвік, 2 залатыя, 13 срэбраных і некалькі медных манетак. 26 красавіка 1842 г. магутнае фартыфікацыйнае збудаванне ўступіла ў дзеянне. Над крэпасцю 1-га класа Брэст-Літоўск быў урачыста падняты сцяг. Агульная плошча крэпасці 4 кв. км. Рукавы рэк Мухавец і Заходні Буг, абвадныя каналы падзялілі яе тэрыторыю на 4 востравы. Цэнтральнай і найбольш абароненай часткай крэпасці была Цытадэль. Яе самкнёная 2-х павярховая абарончая казарма ў выглядзе шматкутніка вышынёй 16 м, даўжынёй 1,8 км., узведзеная па праекту А.Е. Штаўберга. Знешнія сцены былі таўшчынёй 2 м, кальцом апаясывалі цэнтральны востраў. 500 казематаў маглі змясціць каля 12 000 салдат з усімі запасамі. Нішы сцен з байніцамі і амбразурамі былі прыстасаваны для стральбы з ружжаў і гармат. На знешнім баку паўкругам выступалі чатыры паўвежы, прадназначаныя для флангавага абстрэлу. На ўнутраны двор умацавання можна было трапіць праз 4 варот, размешчаных на аднолькавай адлегласці. Для патрэб гарнізона прыстасавалі ацалелыя пасля пажару будынкі. Езуіцкі калегіум перабудавалі пад канцылярыю каменданта крэпасці і інжынернае ўпраўленне. Касцёл аўгусцінцаў пэўны час выкарыстоўваўся як імператарская рэзідэнцыя, а ў 1856 г. на яго месцы пачалося будаўніцтва гарнізоннай царквы па праекту архітэктара Д.І. Грыма. Будынак базыльянскага манастыра быў прыстасаваны пад артылерыйскія казармы. Уніяцкая царква Пятра і Паўла, вядомая як Белы палац, перабудавана пад афіцэрскі клуб. У заходняй частцы вострава ў 1851 г. пабудавалі двухпавярховы будынак арсенала даўжынёй 136 м і шырынёй 22 м. Шаснаццаць казематаў арсенала ніжняга яруса выкарыстоўваліся для захавання зарадных скрыняў, верхняга яруса -- для стралковай і халоднай зброі. З вясны 1864 г. пачалася паэтапная рэканструкцыя Брэст-Літоўскай крэпасці. Дадатковымі казематамі быў умацаваны галоўны земляны вал, насыпаны ўнутраныя траверсы, пабудаваны два парахавых склепа на 5000 пудоў кожны, умацаваны камянямі берагі Буга і Мухаўца. У 1864-1868 гг. па праекту Э.І. Тотлебена ў горжы I і III бастыёнаў Кобрынскага ўмацавання былі пабудаваны Заходні і Усходні каземаціраваныя рэдуты. Кожны рэдут складаўся з контрэскарпавай галерэі падковападобнай формы, рова і вала, размешчанага канцэнтрычна пасярэдзіне іх, у якім размяшчаліся двух'ярусная казарма, цейхгауз, два парахавыя скляпы, пякарня, кухня і сталовая для ніжніх чыноў. Роў перакрываўся чатырма капанірами "для ружейной обороны". Усходні рэдут заняў месца знесенай Трынітарскай казармы. Ззаду рэдутаў уздоўж правага рукава ракі Мухавец былі пабудаваны дзве асобныя батарэі, якія прыкрывалі паўночную частку абарончай казармы Цытадэлі. У канцы 1860-х гг. на поўнач ад крэпасці праклалі чыгунку Масква - Варшава, насып якой утварыў мёртвую зону перад Кобрынскім умацаваннем. Для кантролю за гэтым участкам у 1869 г. было пачата будаўніцтва перадавога ўмацавання "Граф Берг" і буйной земляной батарэі. Гэта быў першы форт Брэст-Літоўскай крэпасці, які знаходзіўся на адлегласці 850 метраў ад галоўнай абарончай лініі. Форт, пяцікутны ў плане, складаўся з контрэскарпавай галерэі на падлогавым і бакавых фасах, рова і галоўнага вала, у якім размяшчаліся два флангавыя капаніры, двухпавярховая каземаціраванная казарма злучалася з капанірамі апарэлямі. У горжавай частцы знаходзіліся паўкапанір, два парахавыя скляпы і кухня. Асноўныя будаўнічыя работы завяршыліся ў 1872 г. Брукаваная дарога злучала форт з Кобрынскім умацаваннем праз Аляксандраўскія вароты, якія былі пераназваныя ў Беластоцкія. Тады ж ў крэпасці паглыбілі і пашырылі равы, устроілі ў іх капаніры, перабудавалі масты, паўночна-ўсходнюю частку кальцавой казармы прыстасавалі пад паравы млын. У 1876 г. у паўднёвай частцы Кобрынскага ўмацавання было завершана будаўніцтва скляпеністай артылерыйскай лабараторыі з двума магутнымі казематамі, прызначанымі "для варки составов", і "домика фейерверкера" пры ёй, а на Валынскім - машыннага будынка для забеспячэння вадой шпіталя. Архітэктурным цэнтрам Цытадэлі стала закончаная ў 1878 г. гарнізонная Свята-Мікалаеўская царква. Да дасканаласці была даведзена водна-інжынерная сістэма. Вышэй і ніжэй крапасной пазіцыі на Мухаўцы і Бугу пабудавалі шлюзы сістэмы Пуарэ. Абвадныя равы ўмацаванняў аддзяляліся ад рэк плацінамі, у якіх былі пракладзеныя "каменные трубы" з засланкамі. Гэта дазваляла рэгуляваць узровень вады ў каналах, а пры неабходнасці яе можна было спусціць і зрабіць канал любога ўмацавання сухапутным. 18 лістапада 1878 г. на аснове тапаграфічных работ, праведзеных камісіяй пад кіраўніцтвам генерал-лейтэнанта М.М.Обручава, быў зацверджаны план узмацнення Брэст-Літоўскай крэпасці кальцом з сямі перадавых умацаванняў, якія знаходзіліся на адлегласці 3,5 - 4 кіламетраў ад Цытадэлі і адзін ад аднаго. У 1878 - 1880 гг. у паўночным і паўночна-заходніх сектарах былі пабудаваны фарты I, II і III. У ходзе выканання работ план быў адкарэктаваны на карысць узвядзення ў гэтых сектарах яшчэ двух умацаванняў: форта VIII паміж фартамі I і ІІ, форта IX - у раёне чыгуначнага вакзала паміж фартамі II і III. Фарты I, ІІ, III, IX уяўлялі сабой мадэрнізаваны праект "умацавання № 2". У 1883 г. пасля завяршэнні першых чатырох фартоў пачалося будаўніцтва астатніх пяці. Такім чынам, за дзесяць гадоў да 1888 г. вакол Брэст-Літоўскай крэпасці было збудавана дзевяць цагляна-земляных фартоў, у кожным з якіх можна было размясціць гарнізон колькасцю каля 250 чалавек і да 20 гармат. Фарты I, II, III мелі сухія равы, а IV -IX былі акружаныя равамі, запоўненымі вадой. У гэты ж перыяд на Цярэспальскім умацаванні быў засыпаны ўнутраны роў і знесена Маставое прыкрыцце, у валу першага бастыёна Кобрынскага ўмацавання пабудаваны Паўночна-Заходнія вароты з мостам. Да вясны 1915 г. крапасная пазіцыя атрымала завершаны выгляд. У ноч з 12 на 13 жніўня 1915 г. брэсцкую крэпасць занялі аўстрыйскія войскі. 3 сакавіка 1918 г. на тэрыторыі крэпасці ў будынку Белага палаца быў падпісаны мірны дагавор паміж Савецкай Расіяй і Германіей, Аўстра-Венгрыяй, Турцыяй і Балгарыяй. З 1921 па 1939 г. у крэпасці і фартах размяшчаліся часці ІХ акругі польскай арміі. Па-ранейшаму цэнтрам крэпасці быў Цэнтральны востраў. У 1924-26 гг. быў адноўлены калегіум езуітаў і ў ім размясціўся штаб акругі. У Белым палацы знаходзіліся афіцэрскае казіно, гасцініца, бальная зала. Адноўленая ў 1924-28 гг. царква св. Мікалая была прыстасавана ў касцёл св. Казіміра паводле праекта інжынера Лісецкага. На працягу 1921-1935 гг. былі адбудаваны і адрамантаваны разбураныя ў час ваенных дзеянняў крапасныя аб'екты, пабудаваны новыя гаражы, жылыя дамы для афіцэраў. З павышэннем мабільнасці войск, развіццём авіацыі і ўдасканаленнем ваеннай тэхнікі Брэсцкая крэпасць як ваенна-абарончы комплекс цалкам страціла сваё ранейшае значэнне. Яна стала падобнай на ваенны пасёлак, дзе акрамя казарм былі грамадскія ўстановы: касцёл, школа, шпіталь, гасцініца, парк, кінатэатр, бібліятэка, спартыўная пляцоўка, электрастанцыя і электрычнае асвятлленне, вадаправод і каналізацыя. Сувязь з горадам ажыццяўлялася з дапамогай вузкакалейкі. 22 верасня 1939 г. у крэпасць увайшла Чырвоная армія. Летам 1940 г. пачалося ўзвядзенне 62-га Брэсцкага ўмацаванага раёна. Доўгачасовыя ўмацаванні будаваліся па ўсходняму берагу Заходняга Буга непасрэдна ўздоўж мяжы. Усяго да 21 чэрвеня 1941 г. было забетаніравана 128 дотаў. Доты ўяўлялі сабой двухпавярховыя каробкі, зглыбленыя ў зямлю па амбразуры. Верхні каземат падзяляўся на 2 капаніры. На двух узроўнях ідэнтычнай планіроўкі размяшчаліся галерэя, спецыяльны тамбур, які адводзіў ад дзвярэй узрыўную хвалю, газавы шлюз, сховішча боепрыпасаў, казарма на некалькі коек, загародкі для рацыі, артэзіянскага калодзежа, туалета. Наверсе ў капанірах устанаўліваліся казематныя гарматы з укарочанымі стваламі ці кулямётамі. Пабудаваныя доты былі ў асноўным адна- і двухамбразурнымі. Таўшчыня сцен складала 1,5-1,8 м, перакрыццяў -- 2,5 м. Да пачатку вайны ў баявой гатоўнасці былі толькі 23 доты, з іх 8 у раёне Брэсцкай крэпасці. У выпадку пачатку ваенных дзеянняў абарона Брэсцкай крэпасці не прадугледжвалася, гарнізон крэпасці павінны быў займаць пазіцыі ў падрыхтаваным Брэсцкім умацаваным раёне. 22 чэрвеня 1941 г. у 4 гадзіны раніцы з боку германскіх войск раптоўна быў адкрыты артылерыйскі агонь у накірунку Брэсцкай крэпасці. Менавіта яна стала ачагом супраціўлення савецкіх войск. Немцы на працягу паўгадзіны вялі прыцэльны артабстрэл па варотах, мастах і перадмостных умацаваннях, аўтамабільных парках, складах боепрыпасаў, прасоўваючы зону агня кожныя 4 хвіліны на 100 метраў у глыбіню крэпасці. На тэрыторыі крэпасці засталося 3,5-4 тысячы салдат і камандзіраў, якія і склалі "бессмяротны гарнізон". Асобныя абаронцы Брэсцкай крэпасці працягвалі супраціўленне да 20 ліпеня. У выніку артылерыйскага абстрэлу, бамбардзіровак многія крапасныя збудаванні, асабліва цагляныя, моцна пацярпелі. Першыя пасляваенныя гады нанеслі крэпасці не меншыя страты, чым у час вайны. Крапасныя збудаванні разбіраліся на цэглу для новага будаўніцтва жылых дамоў, казарм, гаражоў. З 1947 па 1955 гг. былі ўзарваныя Брэсцкія (Трохарачныя), Беластоцкія (Брыгіцкія) і Усходнія вароты, разабраны паўночна-заходні і паўднёва-ўсходні ўчасткі кальцавой казармы, турма "Брыгідкі", будынкі Белага палаца і Інжынернага ўпраўлення, шэраг фартоў (ІІ, ІІІ, IV, ІХ, Х). У будынку армейскага клуба зрабілі сховішча гародніны. У 1956 г. у Савецкім Саюзе адзначалася 15-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны. 8 лістапада 1956 г. у ацалелай частцы абарончай казармы Цытадэлі быў створаны Музей абароны Брэсцкай крэпасці. У 1965 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета крэпасці прысвоена ганаровае званне "Крэпасць-герой", уручаны ордэн Леніна і медаль "Залатая Зорка". Адкрытыя конкурсы, якія праводзіліся ў 1965 і 1966 гг. для стварэння праекта помніка-манумента Брэсцкай крэпасці, не далі станоўчых вынікаў. У 1967 г. была створана група пад кіраўніцтвам вядомага савецкага скульптара А. Кібальнікава, у склад якой увайшлі скульптары А. Бембель, У. Бабыль, архітэктары У. Кароль, В. Волчак, В. Занковіч, А. Стаховіч, Ю. Казакоў, Г. Сысоеў. У 1967-69 гг. аўтарскі калектыў на аснове конкурсных матэрыялаў распрацаваў рашэнне ўсяго мемарыяльнага комплексу. 25 верасня 1971 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяла "Брэсцкая крэпасць-герой".
У 1985 г. каля Вечнага агню закладзены мемарыяльны пляц гарадоў герояў.